Прасочаны магчымасці метаду эколага-фітацэнатычных профіляў у даследаваннях прыдарожнай расліннасці. Адзначана, што прымяненне дадзенага метаду дазваляе павысiць рэпрэзэнтатыўнасць геабатанічных апісанняў, а таксама зрабіць аб’ектыўны параўнальны аналіз стану фітацэнозаў, іх кампанентаў, экатопаў у прасторы і часе.
Эколага-фітацэналагічныя даследаванні, праведзеныя ўздоўж аўтадарог і чыгунак, сведчаць, па-першае, аб рэгіянальных асаблівасцях флоры і расліннасці, па-другое – аб спецыфіцы экасістэмнай прыналежнасці відаў і фітацэнозаў. Ступень сінантрапізацыі расліннасці ва ўсіх экспазіцыях – «выемка», «нулявая адзнака» і «насып» – заканамерна зніжаецца ад лімітава высокай ля дарожнага палатна да мінімальнай на аддаленні 50 м і больш ад паласы адводу. Пры гэтым самыя высокія паказчыкі і найбольш рэзкае падзенне сінантрапізацыі назіраюцца ў экспазіцыі «насып» у закрытых поплаўнай і балотнай экасістэмах, а таксама ў экспазіцыі «выемка» ў лясной экасістэме. Крыху меншыя змены ў лясной экасістэме ў экспазіцыях «насып» і «нулявая адзнака». Лес выконвае бар’ерную функцыю. У адкрытых лугавых і аграэкасістэмах амплітуда распаўсюджання антрапафітаў па лініі профілю ўсюды невысокая. Заўважаны ўплыў кірунку аўтадарог і чыгунак і, адпаведна, схілаў насыпаў на інтэнсіўнасць сінантрапізацыі расліннасці, у тым лiку на пранікненне інвазійных відаў.
АГЛЯДЫ
ISSN 2524-230X (Online)